У Беластоку адбудзецца акцыя салідарнасці з палітвязнямі Беларусі
18 чэрвеня, у нядзелю, а 11.00 беларуская дыяспара Беластока запрашае прыняць удзел у ЛАНЦУГУ САЛІДАРНАСЦІ з палітвязнямі Беларусі.
„Палітвязні – наш самы вялікі боль. У краіне, дзе не дзейнічаюць законы, рэжым можа дазволіць сабе наўпрост здзеквацца з тых, хто апынуўся ў яго кіпцюрах, катаваць іх, нішчыць іх здароўе, забіваць. Нават блізкія і родныя ўжо больш за 120 дзён не ведаюць, дзе і у якім стане Мікола Статкевіч. Віктар Бабарыка быў моцна збіты, знаходзіўся ў рэанімацыі – ні каментароў ад так званай улады, ні інфармацыі для сям’і. Такая ж сітуацыя са звесткамі пра Мікалая Дзядка, Эдуарда Пальчыса, Алега Рубца, Машу Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка ды, нажаль, соцень іншых. Ізалюючы палітвязняў, абмяжоўваючы іх у ліставанні, рэжым прагне, каб пра вязняў забыліся. Але мы памятаем. І мы павінныя казаць аб праблемах палітвязняў голасна!”, – кажуць арганізатары акцыі.
Прыходзьце прыняць удзел!
Месца правядзення акцыі: вуліца Браніцкага (ад скрыжавання вуліц Браніцкага і Электрычнай у абодва бакі).
Беларускае Радыё Рацыя