У Беластоку адбудзецца “Усходні эканамічны кангрэс”
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі будзе ганаровым госцем першага “Усходняга эканамічнага кангрэсу” ў Беластоку. Гэта двухдзённы цыкл дэбатаў і сустрэчаў, прысвечаных эканамічным пытанням ва Усходняй Польшчы. У час мерапрыемства запланаваныя 30 тэматычных сесій з удзелам каля сотні дакладчыкаў з Польшчы, Беларусі, Літвы ды Украіны, – кажа прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі:
– Вырашылі мы арганізаваць канферэнцыю, прысвечаную усходнім пытанням, з улікам нашага тэрытарыяльнага знаходжання і асабістых кантактаў. Будуць прадугледжаны панелі, прысвечаныя рознай дзейнасці – перадусім, канешне, гаспадарчай, але таксама і пытанням мясцовага самакіравання, увогуле будзе разглядацца шырокі спектар гаспадарчых праблем.
Сярод галоўных тэмаў кангрэсу – эканамічнае супрацоўніцтва краінаў Еўразвязу з усходнімі партнёрамі, экспансія польскіх прадпыемстваў на ўсход Еўропы, ды інвестыцыйны патэнцыял Усходняй Польшчы.
Кангрэс пачынаецца 18-га верасня ў Падляшскай оперы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя