У Беластоку адбылася акцыя супраць прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі



У нядзелю 19-га сакавіка прадстаўнікі беларускай дыяспары сабраліся пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Мэтай акцыі пратэста стаўся супраціў беларусаў прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Агулам сабралася каля паўсотні чалавек пад беларускім, польскім і украінскім нацыянальнымі сцягамі. Галоўнае патрабаванне ўдзельнікаў акцыі – спыніць вайну ва Украіне і не дазволіць рэжыму Лукашэнкі надалей выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм і палігон для расейцаў, якія развязалі вайну.

Акрамя гэтага, чарговы раз, прысутныя выказалі заклапочанасць тым, што суверэнітэт Беларусі знаходзіцца пад пагрозай.

Падчас акцыі працаваў вольны мікрафон. Выступоўцы горача віталі нядаўна выдадзены ордэр Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе на арышт Пуціна за масавыя дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Удзельнікі мітынгу выказалі прапанову выдаць такі ж ордэр і на Лукашэнку за злачынствы над беларускім народам.

Гучалі заклікі вызваліць усіх палітзняволенных, людзі выказалі абурэнне прысуду пра справе TUT.by
Акрамя гэтага мітынгоўцы абмеркавалі навіну пра забойства ў Гародні супрацоўнікамі КДБ Беларусі замежніка, які нібыта аказаў узброенае супраціўленне і быццам рыхтаваў тэракт на БелАЭС. Па словах удзельнікаў мітынгу, такі факт з’яўляецца праявай таго, што Лукашэнка пачынае губляць кантроль у краіне.

Мітынг пад наглядам гарадской паліцыі завяршыўся. Як і заўжды аніводная асоба з Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку да мітынгоўцаў не выйшла.

Беларускае Радыё Рацыя