У Беластоку адбылася прэм’ера скандальнага спектаклю
Прэм’ера спектаклю ў Беластоку прайшла без перашкодаў. Пастаноўка “Белая сіла, чорная памяць” сабрала поўную залу гледачоў.
Спектакль паўставаў у атмасферы скандалу: частка дэпутатаў гарадской рады імкнулася ўвесці цэнзуру, правыя радыкалы пагражалі артыстам і дырэкцыі Драматычнага тэатра і заклікалі да байкота спектакля.
Асновай для пастаноўкі стала аднайменная кніга Марціна Концкага, у якой выяўляюцца сувязі паміж нацыяналістамі, шавіністамі, мясцовымі ўладамі, бізнесам і касцёлам.
– Пра многія гарады ў Польшчы можна было б напісаць штосьці падобнае. І, магчыма, таксама паставіць спектакль. Але мы ў ім шукаем сябе, бо гэта наш горад.
– Перакласці на мову спектаклю рэпартаж, на маю думку, даволі цяжка.
– Я знаходжуся пад уражаннем ад спектаклю. Ён нясе ў сабе шмат пытанняў: дзе канчаецца нянавісць і што нас чакае за яе межамі? Што з намі будзе?
Мацей Жыўна, маршалак Падляшскага ваяводства:
– Гэты спектакль абуджае хвалю эмоцый. Дае спажыву для роздуму. Гэта запрашэнне да дыскусіі. Такое фактычна можна сустрэць у Польшчы, у нашым горадзе.
Спектакль у гэтым сезоне Драматычнага тэатра імя Вянгеркі ў Беластоку пабачым яшчэ дзевяць разоў.
У дзень прэм’еры, на некалькі гадзінаў раней, перад тэатрам прайшоў пікет арганізацыі правага крыла – “Моладзь усяпольская”, у час якога пратэставалі і супраць пастаноўкі, і супраць аўтара кнігі, па якой яна з’явілася – Марціна Концкага.
Радэк Дамбоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара