У Беластоку адбылася сустрэча з прадстаўнікамі палка Каліноўскага
У Беластоку ў беларускім хабе „Новая Зямля” адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Палка імя Кастуся Каліноўскага.
На пытанні, якіх было зададзена дастаткова шматлікімі прысутнымі на сустрэчы, адказвалі – прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі і намеснік камандзіра гэтага беларускага вайсковага фармавання, якое з першых дзён змагаецца на баку Украіны – Вадзім Кабанчук:
– Гэта вайна за нашу і вашу свабоду. Калі Расейская імперыя будзе разбіта ва Украіне, то магчыма не будзе і вайны ў Беларусі. Гэта стварае спрыяльныя перадумовы для вызвалення Беларусі, каб мы выгналі свайго дыктатара. Украінцы ведаюць пра замежны легіён, які ваюе. Там ёсць розныя нацыянальнасці і ўсе ўдзячныя нам. Усе разумеюць, што гэта супольны вораг і мы супраць яго змагаемся.
Прадстаўнікі палка Каліноўскага адзначылі, што такія сустрэчы, як у Беластоку, адбудуцца таксама і з іншымі беларускімі дыяспарамі ў найбуйнейшых гарадах Польшчы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя