У Беластоку адбыўся канцэрт „Сэрцам з Беларуссю”



Канцэрт “Сэрцам з Беларуссю” прайшоў у Беластоку каля будынка Драматычнага тэатра імя Венгеркі. На адной сцэне выступілі калектывы “Ilo&friends” і “Ørganek” з Польшчы і “Dzieciuki”, “Naviband” ды Лявон Вольскі з Беларусі.

На пляцоўцы перад сцэнай таксама аказаліся людзі з розных бакоў беларуска-польскай мяжы. Усе яны, нягледзячы на дрэннае надвор’е, прыйшлі на канцэрт.

Кажуць гледачы:

– Я прыйшла сюды, каб падтрымаць сваю любімую краіну. Я не магу зараз знаходзіцца там. Але ёсць магчымасць прыйсці сюды.

– Я тут каб падтрымаць Беларусь у змаганні з Лукашэнкам.

– Мы салідарныя з Беларуссю. Мы прыйшлі таму, што хочам, каб гэта нарэшце закончылася. Перадусім  каб закончылася ўлада Лукашэнкі.

У час канцэрту не абышлося без непрыемных сюрпрызаў, кажа арганізатар Радаслаў Пусько:

– Былі ўражаны дзіўнымі пастамі, які з’яўляліся на старонцы імпрэзы ў Фэйсбуку. На нашу думку, гэта творчасць прыхільнікаў Лукашэнкі. Але гэта паказвае, якая слабая тая ўлада і што яна неўзабаве абрынецца.  

Канцэрт арганізаваны Фондам „Тутака” і Беларускім аб’яднаннем студэнтаў пры партнёрстве Беларускага дома ў Варшаве.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя