У Беластоку адкрыецца „Дом творцаў”
У Беластоку адкрыецца „Дом творцаў”. Гэта працяг падобнай ініцыятывы для прадстаўнікоў беларускае культуры, што ўжо працяглы час існуе ў Варшаве.
Першая рэзідэнцыя ў беластоцкім „Доме творцаў” стане мастацкай. Планаваны тэрмін – з 7 па 23 ліпеня. Гаворыць ініцыятар, прадстаўнік фонду „Tutaka” Сяргей Доўгушаў:
– Суткавыя будуць у рэзідэнтаў, пражыванне і розныя праграмы. Акрамя проста мастацкай часткі, дзе ўсе будуць працаваць над творчым праектам, у нас яшчэ будуць розныя цікавыя сустрэчы, а таксама адпачынак, экскурсіі. Мы рыхтуем спіс таго, што трэба для гэтай рэзідэнцыі – гэта мальберты і розныя матэрыялы, якія патрэбныя мастакам.
Апошні дзень падачы заявак на мастацкую рэзідэнцыю ў „Доме творцаў” у Беластоку ўжо заўтра, 30 чэрвеня. Адпаведная форма па спасылцы.
Атрыманыя творчыя працы ўдзельнікаў будуць прадстаўленыя на фестывалі Tutaka пад Беластокам 14-15 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя