У Беластоку адкрыецца цэнтр грамадскіх ініцыятыў
Гэты будынак няўрадавыя арганізацыі чакалі амаль дзесяць гадоў. У Беластоку адкрыецца цэнтр грамадскіх ініцыятыў, якім змогуць бясплатна карыстацца мясцовыя арганізацыі. На чатырох паверхах будынка размесцяцца 23 адмыслова падрыхтаваныя залі для грамадскай дзейнасці. Правядзенне спартыўных заняткаў, курсаў танцаў, сустрэч з літаратарамі, дыскусій ды мастацкіх майстар класаў, — гэта толькі некаторыя з магчымасцей, што дае новы будынак цэнтра грамадскіх ініцыятыў, — кажа прэзідэнт горада Беластока Тадэвуш Трускаляскі:
— Можна будзе запісвацца на цыклічныя мерыпраемствы. Напрыклад танцы шточацвер у гэтай залі. І тады будзе вядома, што зала зарэзерваваная. Альбо нехта будзе мець паасобныя мерапрыемствы і тады будзе запісвацца. Арганізацыі будуць карыстацца цэнтрам бясплатна.
У новым цэнтры грамадскіх ініцыятыў будуць таксама бібліятэка, бюро ўпаўнаважанага па справах людзей з інваліднасцю, ды бюро бясплатнай юрыдычнай дапамогі. Рамонт будынка былой бальніцы па вуліцы св. Роха каштаваў гораду 5 мільёнаў злотых. Афіцыйнае адкрыццё цэнтра адбудзецца 19 снежня.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток