У Беластоку адкрылася беларуска-польская выстава
У Беластоку адкрылася выстава сучаснага мастацтва – “Абрады штодзённыя і святочныя”.
Экспазіцыя размяшчаецца ў галерэі “Arsenał elektrownia”, дзе можна пабачыць гукавыя і відэаінсталяцыі на дадзеную тэму, плакаты і нават калекцыю афрыканскіх масак.
Гаворыць куратар выставы Міхал Яхула:
– Святочныя абрады датычаць асобных святаў, якія адзначаюцца на працягу года. Тут ёсць праца пад назвай “Калядоўшчыкі”, ёсць праца звязаная з “Дажынкамі”.
Сярод прадстаўленых на выставе аўтараў, акрамя польскіх, ёсць і беларускія мастакі. У іх ліку Антаніна Слабодчыкава, якая прывезла ў Беласток двухканальнае відэа на тэму дзіцячай гульні ў “сакрэцікі”:
– У Польшчы я ўжо выстаўлялася, але ў Беластоку першы раз. Галерэю “Arsenał” я ведаю з часоў, калі яшчэ вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Мне вельмі прыемна, што я сюды трапіла.
Выстава “Абрады штодзённыя і святочныя” займае дзве вялікія і дзве малыя залі ў будынку старой беластоцкай электрастанцыі. Экспазіцыя будзе працаваць да 26 траўня.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя