У Беластоку адкрылі сквер імя Паўла Багдана Адамовіча
У цэнтры горада паміж вуліцамі Спудзельчай, Ірэны Бялоўны і Іцхока Мальмеда ўрачыста адкрылі сквер, прысвечаны трагічна памерламу прэзідэнту Гданьска. На ўрачыстасці ў Беласток з’ехаліся прэзідэнты шматлікіх гарадоў, а таксама сям’я Паўла Адамовіча.
У час ўрачыстага адкрыцця скверу, прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі падкрэсліў, што Павел Адамовіч меў усходнюю душу і карані:
– Ён меў усходнюю душу і ўсходнія карані. Гэты сквер, у якім стаіць помнік Людвіка Заменгофа – стваральніка эсперанта, нараджэнца Беластока, з’яўляецца скверам талерантнасці. І Павел быў узорам талерантнасці. Лічу, што гэтае месца годнае свайго патрона!
Прэзідэнт Гданька Аляксандра Дулькевіч:
– Вельмі хацела б вас прасіць, дарагія жыхары Беластока, калі прысядзеце тут на адной з лавачак у скверы, які носіць імя Паўла Адамовіча, каб вы ўсміхнуліся самі сабе, і падумалі пра тое, што кожны з нас можа зрабіць, каб мы жылі ў лепшым Беластоку, лепшым Гданьску, лепшай Польшчы, лепшай Еўропе ў рээшце рэшт.
Павел Адамовіч ужо год з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Беластока.
Дзяды Паўла Адамовіча нарадзіліся ў Беларусі. Ягоны бацька вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток