У Беластоку адкрыўся каворкінг для журналістаў
18 студзеня ў Беластоку прайшло адкрыццё каворкінгу для журналістаў у памяшканні па вуліцы Сянкевіча.
Кажа прадстаўнік гарадскіх уладаў Беластока намеснік прэзідэнта Беластока Збігнеў Нікітаровіч, якія далі дазвол і выдзелілі памяшканне для беларускіх журналістаў:
– Вельмі цешуся, што сёння можам адкрыць гэтае месца, якое беларускія журналісты, найчасцей палітычныя ўцекачы з Гародні, з Менску, з Берасця будець мець магчымасць працаваць без цэнзуры і пераследу. Будуць тут працаваць на карысць таго, каб вольнае слова даходзіла да жыхароў Беларусі. Нашым абавязкам з’яўляецца падтрымка дэмакратыі і свабоды слова ў Беларусі.
Старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа прыгадаў гісторыю развіцця беларускамоўнай журналістыкі на Падляшшы, павіншаваў прысутных з адкрыццём і падарыў „Пагоню”, а таксама розныя друкаваныя выданні „Нівы”.
Улады Беластока выдзелілі памяшканне журналістам з Беларусі ў верасні. Пасля рамонту і працы над новым праектам цяпер было афіцыйнае адкрыццё, якое сталася таксама і прэзентацыяй новага медыя пад назвай „Мост”.
Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя