У Беластоку адкрыўся новы інфармацыйны цэнтр для турыстаў
Мапы і сувеніры, мультымедыйнае абсталяванне, інфакіёск ды камп’ютары. Усё гэта даступна для турыстаў, якія наведаюць інфармацыйна-турыстычны пункт, што ад серады распачаў сваю працу ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі.
Раней цэнтр працаваў на вуліцы Мальмеда, што ў цэнтры Беластока, і ў мінулым годзе яго паслугамі скарысталася больш за 15 тысяч чалавек. Уся інфармацыя прадастаўлена на розных мовах, у тым ліку партугальскай і расейскай. “Беларускай пакуль няма,” – кажа супрацоўніца цэнтра Паўліна Янушка:
– Сыходзячы са статыстык, беларусаў штораз больш прыязджае да нас не толькі за пакупкамі, але каб затрымацца на пару дзён. Яны зацікаўлены турыстычнымі прапановамі нашага рэгіёна, таму, я думаю, у наступным годзе пры новых праектах будзем пра гэта думаць і пастараемся рэалізаваць гэтую задуму.
Новы інфармацыйны цэнтр для турыстаў працуе ў буднія дні з 9-ай да 17-ай гадзіны ў будынку оперы ў Беластоку.
Як кажа Паўліна Янушка, тут можна запланаваць, між іншым, экскурсію на параходзе ў Аўгустове, сплаў на байдарках па Падляшскіх рэках, знайсці начлег, а таксама іншую карысную для кожнага турыста інфармацыю.
[Not a valid template]
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Давіда Данелюка