У Беластоку адкрыўся XVI Фестываль яўрэйскай культуры «Захор – колер і гук»



У Беластоку прайшоў першы дзень працы Фестывалю яўрэйскай культуры «Захор», што перакладаецца як «Памятайце!».

Важнасць свята для сталіцы Падляшша падкрэсліла суарганізатар, прэзідэнт Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Ізраіль Люсі Лісоўска:

– У гэтым горадзе да вайны жыла 60 працэнтаў яўрэйскага насельніцтва. Сёння яго вельмі-вельмі мала. Але не забываем пра тое, што было. Арганізоўваем 16 раз. 16 гадоў таму пачалі мы арганізоўваць фестываль яўрэйскай культуры «Захор – колер і гук».

Моніка Ляшчынская, якая правяла ў цэнтры Беластоку танцавальны майстар-клас, адзначыла важнасць танца як формы маўлення ў выпадку прэзентацыі «цяжкой, нязручнай» гісторыі народа:

– Думаю, што танцы дазволілі вытрымаць культуры. Танцы адзін з элементаў культуры. Але дзякуючы танцам ідэнтыфікацыю ўдалося ўтрымаць. Ёсць такая цытата, хтосьці з паэтаў сказаў: «Калі мяне захочуць біць, усе будуць супраць мяне, цэлы свет будзе супраць мяне, тады я выйду – і буду танчыць».

19-га чэрвеня, у другі дзень працы Фестывалю яўрэйскай культуры „Захор – колер і гук”, жадаючыя запрашаюцца а 17-й ў Галерэю Слендзінскіх, на лекцыю „Духоўнасць у юдаізме”. Адпаведна а 19-й у Вялікай зале палаца Браніцкіх адбудзецца лекцыя пра Ломжынскія пінкасы ды пройдзе канцэрт яўрэйскіх хітоў у выкананні Яўрэйскага тэатра з Варшавы.

Беларускае Радыё Рацыя