У Беластоку аднавілі габрэйскія мацэвы



ndrzejZgietporannyplАднаўлялі мацэвы, каб захаваць гісторыю. Група моладзі з некалькіх краін Еўропы з 3-га па 17-га жніўня працавала на габрэйскіх могілках на вуліцы Усходняй у Беластоку. Гэты праект рэалізуецца на працягу пяці гадоў. Сёлета працы праходзілі пад наглядам спецыялістаў з Вашынгтона. Маладыя людзі займаліся пераважна помнікам ахвярам пагрому ў 1906 годзе. Расказвае адзін з арганізатараў – Даніэль Фляйш з Нямеччыны:

–     Габрэйскія могілкі ў Беластоку падзеленыя на сектары. Наш план у гэтым годзе быў такі, каб у гэтым сектары, дзе знаходзіцца помнік ахвярам пагрому 1906 года, аднавіць мацэвы. І вельмі шмат атрымалася зрабіць. Мы паставілі і склеілі (бо былі разбітыя) многія мацэвы, ачысцілі іх, а таксама аднавілі надпіс залатой фарбай імёнаў і прозвішчаў загінулых людзей, каб іх можна было прачытаць.

У час пагрому 1906 года, які ўчынілі царскія ўлады, загінула каля сотні беластоцкіх габрэяў. У памяць пра іх ва ўсходняй частцы могілак пастаўлены вялікі чорны абеліск. Галоўныя арганізатары праекта па аднаўленні мацэваў на беластоцкіх могілках – гэта Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Ізраіль, а таксама нямецкая арганізацыя Акцыя прымірэння – Служба дзеля Міру.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Анджэй Згет