У Беластоку адрамантуюць аўтавакзал
У бліжэйшы час плануецца грунтоўную перабудову галоўнага аўтобуснага вакзала ў Беластоку. Пра гэта паведаміў маршалак ваяводства Мечыслаў Башко, які адказвае за аўтобусную кампанію “PKS Białystok” – уладальніка гэтых тэрыторыяў. Паводле маршалка, перабудова магла б закончыцца ўжо праз паўтара года. Як адзначыў старшыня кампаніі “PKS Białystok” Цэзары Серадзкі, адпаведныя дакументы, каб выбраць выканаўца працаў, будуць падпісаны на працягу двух тыдняў.
– Маем 4 кандыдатаў на выкананне працаў. Яны гатовы з намі весці супрацу, каб пабудаваць тут сучасны рэгіянальны перасадачны цэнтр. Ён будзе выконваць функцыі вакзала, бюро, а таксама гандлёвую фукцыю.
Перабудова цэнтральнага вакзала – гэта адзін з пунктаў рэструктурызацыі кампаніі “PKS Białystok”, якая мае 9 мільёнаў доўгу. Нядаўна кампанія прадала прыватнаму інвестару аўтобусны вакзал і дэпо на вуліцы Фабрычнай за 15 мільёнаў злотых. За грошы з продажу “PKS” хоча купіць новыя аўтобусы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystok.wyborcza.pl