У Беластоку адзначылі 104 гадавіну нараджэння апошняга прэзідэнта Польшчы ў выгнанні
Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы імя Ежы Гедройця ў Беластоку адзначылі 104 гадавіну нараджэння апошняга прэзідэнта Польшчы ў выгнанні – Рышарда Качароўскага. У памятным кабінеце прэзідэнта, які быў адчынены ў 2011 годзе, прадставілі экспазіцыю, прысвечаную славутаму беластачаніну, сярод якіх яго асабістыя рэчы і партрэты ўсіх прэзідэнтаў у выгнанні. Да якіх з гэтай нагоды далучылі і выяву апошняга прэм’ера Польшчы ў выгнанні, нараджэнца Сувалкаў – Эдварда Шчэпаніка.

Гаворыць куратар памятнага кабінета Рышарда Качароўскага – прафесар Адам Даброньскі:
– Кабінета гэтага, ужо, на жаль, пан прэзідэнт не бачыў. Пазычылі мы ўжо па смерці прэзідэнта арыгінальныя памятныя рэчы. Дадалі партрэты. Прывезлі пазней са згоды жонкі прэзідэнта болей тысячы кніг з хатняй бібліятэкі, бюро, крэсла, беластоцкія памяткі. Нават фотаздымак з футбольным клубам „Ягелонія”. Увогуле ён быў закаханы ў Беласток. Нарадзіўся тут, але быў так прывязаны, заўсёды згадваў і ўсім тлумачыў, што гэты горад выключнае месца.
Беластачанін Рышард Качароўскі быў апошнім прэзідэнтам Польшчы ў выгнанні ў 1989-90 гадах. Пасля чаго перадаў свае паўнамоцтвы Леху Валенсе. Загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Быў найстарэйшай ахвярай гэтай трагедыі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
















Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя
