У Беластоку адзначылі 231-ю гадавіну Канстытуцыі 3 Мая
На Рынку Касцюшкі ў Беластоку, ля помніка Пілсудскаму, прайшла афіцыйная частка святкавання 231-й гадавіны прыняцця Канстытуцыі 3 Мая. Пачалося гарадское мерапрыемства з урачыстага ўзняцця дзяржаўнага сцяга і скончылася парадам вайсковых і сілавых злучэнняў Беластока.
Перад прысутнымі выступілі ваяводскія і гарадскія ўлады. Ваявода падляшскі Богдан Пашкоўскі нагадаў падчас свайго выступу, што Канстытуцыя Рэчы Паспалітай – спадчына нароўні як польскага, так і беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў.
-Спадчына І Рэчы Паспалітай аб’ядноўвала багата народаў. Гэта нашая супольная традыцыя. Сёння мы жывём надзеяй, што гэтая традыцыя свабоды блізкая нашым суседзям. Так як сёння народ Украіны бароніць сваю свабоду. Так і мы жывем надзеяй, што нашыя суседзі з Беларусі, якім таксама блізкія традыцыі Вялікага княства Літоўскага, змогуць развіваць дэмакратычнае і свабоднае грамадства.
Канстытуцыя Рэчы Паспалітай была прынятая 3 мая 1791 года і лічыцца першым такім заканадаўчым актам у Еўропе, і другім у свеце, пасля Канстытуцыі ЗША, прынятай двума гадамі раней.
Дзень Канстытуцыі 3 Мая пачалі адзначаць у 1919 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны быў забаронены камуністычнымі ўладамі. А з 1990 года дзяржаўнае сваята 3 Мая было адноўлена.
З 2007 года гэты дзень святкуецца таксама і ў Літве.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя