У Беластоку адзначылі 76-ыя ўгодкі паўстання ў гета
У Беластоку прайшлі ўрачыстасці звязаныя з 76-мі ўгодкамі выбуху паўстання ў габрэйскім гета. Гэта было другое па велічыні, пасля варшаўскага, выступленне габрэяў супраць нацыстаў. Паўстанне пачалося ў адказ на ліквідацыю гета.
Сярод прысутных на ўрачыстасцях былі госці з Ізраіля, дыпламаты з Нямеччыны ды мясцовыя ўлады. Ліст ад прэм’ер-міністра польскага ўраду Матэвуша Маравецкага прачытаў падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі:
– Незалежная і суверэнная Польшча аддае даніну павагі героям і ахвярам паўстання ў беластоцкім гета. Цяжка выразіць наш смутак па нявінных, якія загінулі ў выніку трыумфу таталітарнай ідэалогіі. Кожны з дзясяткаў тысяч забітых немцамі знаходзіць месца ў нашых сэрцах і ў нашай нацыянальнай памяці, і так будзе заўсёды.
Паўстанне завяршылася паразай пасля чатырохдзённага няроўнага змагання. Беластоцкія габрэі былі ўзброеныя двума дзясяткамі аўтаматаў ды сотняй пісталетаў. Ліквідацыя гета немцы пачалі 20-га жнiўня 1943 году. У Асвенцім і Трэблінку было вывезена больш за 30 тысяч габрэяў.
Беларускае Радыё Рацыя