У Беластоку адбылася антыядзерная акцыя (абноўлена)
Ля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, што месціцца па вуліцы Вольнай Беларусі, прайшла антыядзерная акцыя, супраць размяшчэння на тэрыторыі рэспублікі расейскага ядзернага ўзбраення. Пра намер гэта зрабіць было заяўлена нядаўна Лукашэнкам і Пуціным. Таксама гэтая акцыя была прымеркаваная да 37-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, якая адбылася 26 красавіка 1986 года.
Гаворыць прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока – Ян Абадоўскі:
– Беларусы пратэстуюць супраць размяшчэння ядзернай зброі. Мы не хочам, каб нашую краіну ўцягвалі ў вайну з Украінай. Таму вельмі важна выходзіць на такія акцыі, паказваць, што беларусы ёсць, беларусаў вельмі шмат знаходзіцца за мяжой. Гэта мы павінны звяртаць увагу прадстаўнікоў Еўразвязу, дэпутатаў гарадскіх уладаў Польшчы на тую праблему, што калі гэтая ядзерная зброя будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, то гэта будзе вельмі вялікая пагроза для краін Захаду.
Нагадаем, што таксама Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх беларусаў, хто зараз вымушана знаходзяцца па-за Радзімай, выходзіць на так званыя Чарнобыльскія шляхі, дзе гэта будзе магчыма. Падобныя акцыі плануюцца 26 красавіка ў гарадах, дзе пражываюць найбольш шматлюдныя беларускія дыяспары.
Цалкам матэрыял у гукавым файле:
***
У Беластоку адбылася акцыя з нагоды 37-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама супраць размяшчэння расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
На месцы падзеі пабываў наш карэспандэнт Юрась Дзяшук:
– На вуліцы Вольнай Беларусі каля генеральнага кансулята Рэспублікі Беларусь адбылася акцыя, прысвечаная двум нагодам: супраць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і таксама з нагоды чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая будзе адзначацца 26 красавіка. Акцыя адбываецца ў нядзелю, бо гэта выходны дзень, каб прыйшло болей людзей. І тут сапрады прысутнічае некалькі дзясяткаў беларусаў, якія трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, нават ёсць украінскі сцяг. Шмат палякаў, якія праходзяць міма, цікавяцца, што тут адбываецца, і выказваюць сваю салідарнасць з беларусамі.
„26-га красавіка адбылася адна з самых драматычных у гісторыі свету тэхнагенных катастроф, пра якую беларусам доўгі час хлусілі, з-за якой тысячы людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы, наступствы якой адчуваюцца дагэтуль. Нягледзячы на гэта ўжо ў 2013 годзе ўлады пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. І ўжо зараз бачна, як шмат „неспадзяванак” нясе гэтая станцыя. Але тое, што так званыя ўлады Беларусі гатовыя размясціць на сваёй тэрыторыі расейскую ядзерную зброю – проста плявок у твар усім, хто думае пра незалежнасць Беларусі” – адзначаюць арганізатары.
Акцыя адбылася па адрасе вул. Вольнай Беларусі 9, Беласток (ul. Wolnej Białorusi, 9, Białystok).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя