У Беластоку беларускі стварылі жаночы клуб «Aktywna Women»



Беларусы, якія апынуліся за апошнія два гады ў Беластоку, працягваюць абжывацца ў сталіцы Падляшша. Яны ствараюць не толькі беларускія піцэрыі, крамы, аўтамайстэрні, моўныя курсы, але і свае клубы і суполкі па зацікаўленнях.

Беларуска Аксана Маўчун стварыла жаночы клуб «Aktywna Women», які ўжо стаў папулярным не толькі сярод беларусак, але і ў польскіх жанчын беластачанак.

«Каб лепш адзін аднаго зразумець – трэба камунікаваць», – кажа Аксана Маўчун.

– Мы прыехалі ў гэтую краіну. Краіна для нас новая. Чужая для многіх. Многія прыехалі экстрана, бо не планавалі пераезд. Гэта вельмі вялікі стрэс. Я разумею таксама і палячак, яны жылі ў сваім свеце, а зараз зусім іншыя людзі навокал. Гэта таксама вялікая розніца. І мне хочацца паказаць, што мы жанчыны і не мае значэнне, якой мы нацыі. І звыкнуцца, і зразумець адзін аднаго, бо мы ўсе розныя. І практыка польскай мовы вельмі важная.

Жаночы клуб «Aktywna Women» два разы на месяц праводзіць тэматычныя сустрэчы. Яны могуць быць прысвечаны медыцыне, сакрэтам жаночнай прыгажосці і нават філасофскім пытанням. Сустрэчы адбываюцца на розных пляцоўках, сярод якіх папулярнай з’яўляецца кавярня „Pożegnanie z Afryką”.

Беларускае Радыё Рацыя