У Беластоку беларусы пераймаюць польскі вопыт



25 чэрвеня нашу рэдакцыю наведала беларуская дэлегацыя ў складзе маладых прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. У прамым эфіры журналістка Рацыі Мілана Вераснёва пагутарыла з кіраўніком дэлегацыі, старшынёй Беларускага дома ў Варшаве Алесем Зарэмбюком і Марынай Клімчанка, прадпрымальніцай з Наваполацку.

РР: Якія мэты вашага прыезду ў Беласток? Што пабачылі, з кім сустракаліся, што плануеце пабачыць?

Алесь Зарэмбюк: Мы прыехалі з групай фантастычных беларусаў. У асноўным гэта прадпрымальнікі з розных куткоў Беларусі. Марына прыехала з Наваполацку. Ёсць людзі з Гомеля, Магілёва, Берасця, нават з меншых гарадоў. Прыехала 15 прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнеса. Мы ў Беластоку ўжо трэці дзень. У рамкіх візіту развіццё прадпрымальніцтва і пераняццё досведу ў Беластоку і Падляшскім ваяводстве.

РР: Гэта была твая ідэя?

Алесь Зарэмбюк: Так. Гэта ідэя Беларускага дома. І мы будзем ў гэтым годзе рэалізоўваць яшчэ два такіх візіты, толькі яны будуць прысвечаны трошкі іншым тэмам. Наступны візіт будзе прысвечаны студэнцкаму самакіраванню, і мы запросім у Польшчу студэнтаў. І таксама запросім іх у Беласток. І яшчэ адзін візіт будзе арганізаваны хутчэй за ўсё ў Варшаву. Гэты візіт будзе датычыць тэмы гістарычнай палітыкі і нашых супольных гістарычных польска-беларускіх пытанняў.

РР: Як праходзіць гэты візіт? Што атрымліваецца? Што хацелі б яшчэ наведаць і пабачыць?

Алесь Зарэмбюк: У нас ужо адбылося каля 15 сустрэчаў. Вельмі інтэнсіўная праграма. Вельмі цікавыя людзі і цікавыя сустрэчы. Мы сустракаліся і ў самакіраванні, і заўтра будзем сустракацца ў ваяводы. І таксама сустракаліся з прадстаўнікамі бізнеса, з прадстаўнікамі медыяў. Вельмі добрыя ўражанні ў нашых удзельнікаў.

Марына Клімчанка: Я ўладальнік малога бізнесу ў Беларусі. Вельмі цікава бачыць як развіваецца і падтрымліваецца бізнес у Беластоку. І ўпэўнена, што змагу пераняць, выкарыстоўваць мясцовы вопыт у сваёй дзейнасці і дзейнасці маіх калег. Вельмі ўражаная, спадзяюся, будзем імкнуцца выйсці на такі ж узровень.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя