У Беластоку Берлінга памяняюць на „Лупашку”? (абноўлена)



Перайменаваць вуліцу генерала Зыгмунта Берлінга ў вуліцу імя палкоўніка Зыгмунта Шэндзеляжа псеўданім „Лупашка” – з такой прапановай выступіў дэпутат ад партыі „Права і справядлівасць” Дарыюш Пянткоўскі.

Лупашка

Паводле дэпутата Дарыюша Пянткоўскага, пацыфікацыя вёсак Патока і Вілюкі, а таксама забойствы мірных жыхароў гэтых вёсак, не павінны ўплываць на гераізацыю камандзіра 5 Віленскай брыгады:

– Я не бачу ў постаці маёра Зыгмунта Шэндзеляжа нейкіх сур’ёзных кантраверсій – гэта герой польскага змагання за незалежнасць, якую варта ўшанаваць. Адначасова трэба размаўляць пра нюансы найноўшай гісторыі, бо толькі размаўляючы, паказваючы розныя пункты погляду ёсць шанс дайсці да нейкага паразумення, высвятлення нейкай праўды ці прынамсі пэўнага кампрамісу ў бачанні гісторыі.

Прапанова ўжо ўнесена ў спіс магчымых назваў вуліц у аддзеле геадэзіі горада Беластока ў сувязі з законам пра дэкамунізацыю вуліц і плошчаў ў Польшчы, кажа Анна Кавальска з прэс-службы прэзідэнта Беластока:

– Прапанова дэпутата Пянткоўскага будзе змешчана ў спісе прапанаваных назваў вуліц і плошчаў Беластока. У той час, калі распараджэнне ўвойдзе ў жыццё, калі радныя Беластока будуць займацца дэкамунізацыяй вуліц і плошчаў Беластока, гэтая прапанова дэпутата Пянткоўскага будзе таксама прадстаўлена радным на абмеркаванне.

Прафесар Алег Латышонак супраць таго, каб вуліца ў Беластоку была названа ў гонар Зыгмунта Шэндзеляжа, бо ён адказны за знішчэнне беларускіх вёсак на Беласточчыне і за забойствы мірных жыхароў:

– Інстытут нацыянальнай памяці выдаў кніжку ў якой адназначна сцвярджаецца, што ён злачынец. Нягледзячы на гэта такіх асоб называюць нацыянальнымі героямі – гэта самагубная палітыка. Я не адчуваю сябе здольным штосьці ў гэтай справе зрабіць, я пратэстую, больш я нічога не магу зрабіць.

Згодна з законам пра дэкамунізацыю, даць ацэнку дзеянням асобы павінен Інстытут нацыянальнай Памяці, пры чым гэтая ацэнка з’яўляецца канчатковай. Не выключана, што гарадская рада зоймецца перайменаваннем вуліц у Беластоку ў бліжэйшыя месяцы.

10 траўня спаўняецца 71 гадавіна з дня пацыфікацыі вёскі Вілюкі, а 22 траўня вёскі Патока, якія былі здзейснены аддзелам польскага падполля, якім камандаваў „Лупашка”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя