У Беластоку будуць прымаць рашэнне па перайменаванні вуліцы Лупашкі



Ці пераймянуюць вуліцу Лупашкі ў Беластоку ў вуліцу 100-годдзя правоў жанчын? З такой ініцыятывай выступілі актывісткі Страйку жанчын. 

Рашэнне пра перайменаванне вуліцы Лупашкі ў Беластоку будуць прымаць радныя ад „Грамадзянскай платформы”, якія ў цяперашняй радзе горада маюць большасць, кажа радны Беластока ад „Права і справядлівасці” Пётр Янкоўскі.

– Да гэтай пары не было такіх сітуацый, дзе б быў такі моцны пратэст жыхароў, каб не называць вуліцу ў памяць Лупашкі. Мы ішлі на выбары, каб прадстаўляць жыхароў горада і чуць іх. І нельга прыкідвацца глухімі, калі мы чуем.  

Рашэнне пра наданне адной з вуліц на беластоцкіх Скарупах імя маёра Зыгмунта Шэндзеляжа, псеўданім “Лупашка”, было ініцыяванае і прынятае раднымі ад “Права і Справядлівасці”, якія ў папярэдняй радзе Беластока мелі большасць галасоў. Супраць такога патрона вуліцы пратэставалі шматлікія арганізацыі і простыя беластачане, а шыльды з надпісамі некалькі разоў замалёўвалі. Раней пра неабходнасць змены назвы вуліцы заяўлялі і прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, а таксама радныя ад Форума меншасці Падляшша. Пакуль гэтае пытанне не трапіла ў парадак дня.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота radio.bialystok.pl  і Wyborcza.pl