У Беластоку гаварылі пра гісторыю Гародні
У Беластоку прайшло чарговае паседжанне нефармальнага клуба Beer&History. Гэтым разам тэмай вечарыны была – гісторыя Гародні. Яе, прысутным на імпрэзе гасцям, распавядаў гарадзенскі журналіст і краязнавец – Алесь Кіркевіч.

Замест анансаваных 45 хвілінаў, аповед расцягнуўся на паўтары гадзіны, а на прыканцы слухачы яшчэ засыпалі лектара пытаннямі, што тычацца гісторыі горада над Нёманам. Гаворыць лектар вечарыны:
– Гэта мой родны горад. Хацеў расказаць пра штосьці сваё, тут жыве шмат гарадзенцаў, але ёсць такі феномен, што беларусы часам сябе асэнсоўваюць беларусамі, калі выязджаюць. Мажліва хтосьці з тых, хто выехаў з Гародні, жывучы ў Гародні, не цаніў таго, што ёсць побач, той гісторыі, тых вуліц, па якіх ходзіў. І чаму б ім не расказаць пра іх родны горад. А другі момант, Гародня вельмі падобная на Беласток, і розная з Беластокам. Таму хай людзі параўнаюць, зробяць свае высновы.
Нефармальны клуб аматараў гісторыі Beer&History арганізаваўся ў Беластоку ў асяродку беларускай эміграцыі. Яго паседжанні адбываюцца штосераду ў бары Beer4U па вуліцы Легіяновай а 19-й гадзіне.
Тэмай наступнага паседжання будзе – Гісторыя броварства ў Вялікім Княстве Літоўскім.








Беларускае Радыё Рацыя
