У Беластоку ідзе падрыхтоўка да VI Усходняга эканамічнага кангрэсу
“Тут сустракаецца Усход з Захадам”: у Беластоку ідзе падрыхтоўка да VI Усходняга эканамічнага кангрэсу, правядзенне якога запланавана на 25-26 верасня.
Гэта найвялікшы форум, прысвечаны перспектывам эканамічнага развіцця Усходняй Польшчы, які збярэ палітыкаў, інвестараў, прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў органаў самакіравання ды іншых. Тэматыка запланаваных дыскусій – вельмі шырокая. Кажа прафесар Ёаніцыюш Назарка з беластоцкага палітэхнічнага ўніверсітэта:
– З майго пункту гледжання, найбольш цікавымі ёсць праблематыка развіцця трансгранічнай лагістыкі, кантэкст развіцця ваяводства, калі мы паглядзім на становішча ваяводства і рэгіёну ў кантэксце кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях», а таксама пытанне супрацы бізнесу і навукі.
Традыцыйна ўдзел ва Усходнім эканамічным кангрэсе бярэ беларускі бок. Усё часцей на мерапрыемстве можна пабачыць дэлегацыі з прыгранічных рэгіёнаў, і гэта не здзіўляе арганізатара кангрэсу, старшыню Grupy PTWP – Войцеха Кусьпіка:
– Для Падляшскага ваяводства, як і для прыгранічных рэгіёнаў Беларусі, натуральна, што фірмы з Падляшша хочуць супрацоўнічаць і шукаюць кантактаў і мажлівасцей з беларускімі фірмамі. Усходні Кангрэс – гэта тое месца, дзе цягам двух дзён гэты бізнес збіраецца. Гэта дасканалая магчымасць, каб выкарыстаць гэты час на паляпшэнне эканамічных стасункаў.
Плануецца, што ўдзел у сёлетнім Усходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку возьме шэраг прадстаўнікоў польскага ўраду. Агулам прагназуецца ўдзел паўтары тысячы гасцей, у тым ліку з-за мяжы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток