У Беластоку хочуць стварыць музей габрэяў



«Беласток заслугоўвае Музею габрэяў» — пад такім лозунгам абвешчаны збор подпісаў пад петыцыяй у справе стварэння Грамадскага музея гісторыі і культуры беластоцкіх габрэяў.

Прадстаўніца габрэйскай гміны ў Беластоку Люсі Лісоўская  адзначыла, што ініцыятары петыцыі не абмяркоўвалі гэтага пытання з гмінай. “Зноў нешта робяць пра габрэяў — без удзелу габрэяў”, — пракаментавала яна.

Адзін з ініцыятараў музея Тамаш Вісьнеўскі кажа, што яны хочуць стварыць месца для габрэйскай спадчыны ў Беластоку, а пад петыцыяй толькі за два дні падпісаліся 400 чалавек:

— Мы, як два таварыствы, падалі гэты праект у камісію па культуры горада Беласток, каб яны падтрымалі яго. Яны гэта падтрымалі, але на цяперашнім этапе, калі яшчэ ўсё ў зачатку і невядома, што з гэтага выйдзе я не вяду такіх размоваў. Габрэйская гміна можа паглядзець на гэта прыхільна. Ужо больш за 10 гадоў трываюць нейкія працы, размовы, абмяркоўваецца тое, што такое месца павінна быць, але ніхто не пачаў рабіць, як гэта звычайна бывае ў Беластоку. Паводле мяне размовы можна будзе пачаць тады, калі ў нас будзе такое месца.

Беласток вядомы ў свеце перш за ўсё дзякуючы габрэйскай спадчыне горада — напісалі ініцыятары петыцыі ў падтрымку музея. Тут нарадзіліся і жылі такія вядомыя ў свеце людзі, як Людвіг Лазар Заменгоф – стваральнік мовы эсперанта, Барыс Каўфман — тэлеаператар і лаўрэат Оскара, Арон Цытрон — стваральнік маркі «Citroen», і Альберт Сэбін —  сусветнавядомы вірусолаг.

Валянціна Лаўеская, Беларускае Радыё Рацыя