У Беластоку прайшоў ланцуг салідарнасці з палітвязнямі
Дыяспара беларусаў у Беластоку выйшла на ланцуг салідарнасці з палітвязнямі. Падтрымка актывістаў накіравана як на медыйных персон, якія зараз знаходзяцца за кратамі, так і на людзей, асуджаных за рэпосты ў тэлеграм-каналах. У акцыі прыняло ўдзел каля 100 чалавек.
– Я веру, што Беларусь будзе свабоднай, вольнай. Іх імёнамі будуць названыя нашы вуліцы, нашы праспекты, што ўсё зменіцца. Ні адзін такі таталітарны рэжым не мог доўга ўстаяць. З часам гэта ўсё пройдзе. Але шкада тых людзей, якія пакутуюць там і губляюць сваё здароўе. Гэта тыя гады, якія ніхто ім не верне. І таму мы тут, каб падтрымаць і выказаць усяму свету, тое, што адбываецца ў Беларусі – гэтага не павінна быць. На жаль, Еўропа маўчыць. Хацелася б бачыць і яе салідарнасць.
„Палітвязні – наш самы вялікі боль. У краіне, дзе не дзейнічаюць законы, рэжым можа дазволіць сабе наўпрост здзекавацца з тых, хто апынуўся ў яго кіпцюрах, катаваць іх, нішчыць іх здароўе, забіваць. Нават блізкія і родныя ўжо больш за 120 дзён не ведаюць, дзе і ў якім стане Мікола Статкевіч. Віктар Бабарыка быў моцна збіты, знаходзіўся ў рэанімацыі – ні каментароў ад так званай улады, ні інфармацыі для сям’і. Такая ж сітуацыя са звесткамі пра Мікалая Дзядка, Эдуарда Пальчыса, Алега Рубца, Машу Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка ды, на жаль, соцень іншых. Ізалюючы палітвязняў, абмяжоўваючы іх у ліставанні, рэжым прагне, каб пра вязняў забыліся. Але мы памятаем. І мы павінны казаць пра праблемы палітвязняў голасна!”, – адзначылі арганізатары акцыі.
Беларускае Радыё Рацыя