У Беластоку ліквідавана злачынная групоўка скінхэдаў
Супрацоўнікі Цэнтральнага бюро расследаванняў разам з беластоцкімі паліцыянтамі пры падтрымцы антытэрарыстычнай групы затрымалі 14 асобаў падазраваных у стварэнні арганізаванай злачыннай групоўкі, якая займалася незаконным абаротам наркотыкаў і арганізацыяй прастытуцыі. Падчас затрымання была знойдзена зброя, наркотыкі і анабалічныя стэроіды.
Зранку праваахоўнікі правялі аперацыю ў 31 памяшканні ў Беластоку і яго ваколіцах. Мэтай аперацыі было затрыманне з мэтай прыводу 14 асобаў у пракуратуры Варшавы і Беластока, якія падазраюцца ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, вырабе і распаўсюдзе наркотыкаў, а таксама арганізацыі прастытуцыі. Затрыманне стала магчымым дзякуючы шматмесячнай працы пракурораў і паліцыі, якія распрацоўвалі групу, большасць сябраў атаясамлівае сябе з субкультурай «скінхэдаў».
З увагі на тое, што затрыманыя моглі быць агрэсіўна настроены і ўзброены, а на некаторых падворках моглі знаходзіцца байцовыя сабакі, супрацоўнікі паліцыі дзейнічалі пры падтрымцы штурмавых груп CBS і Бюро антытэрарыстычных аперацый KGP. Аперацыя прайшла бліскавічна – затрыманыя не аказвалі супраціву.
Паліцыя правяла вобшук у 31 памяшканні, сярод якіх кватэры і прыватныя дамы. Знішчаныя дзве плантацыі марыхуаны. Была выяўлена і канфіскавана агнястрэльная зброя з боепрыпасамі, амфетаміны, марыхуана і анабалічныя стэроіды, матэрыялы з нацысцкай сімволікай і экстрэмісцкім зместам, таксама былі знойдзены грашовыя сродкі ў памеры 26 тысяч злотых і 3,5 англійскіх фунтаў.
Затрыманыя абвінавачваюцца, у прыватнасці, ва ўдзеле ў злачыннай групе, а адна асоба – Адам С. псеўданім Сташын (Staszyn) – у арганізацыі злачыннай групы. За дзеянні ў якіх яны падазраюцца, прадугледжана турэмнае зняволенне да 10 гадоў. З затрыманымі праводзяцца адпаведныя працэдуры, пасля чаго будуць прыняты рашэнні пра заключэнне пад варту.
[Not a valid template]