У Беластоку моляцца за адзінства хрысціянаў



З набажэнства ў праваслаўнай царкве Святога Духа ў Беластоку пачаўся Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.

DSC05767

У экуменічнай сустрэчы ўдзельнічалі праваслаўны ардынарый Беластоцкі і Гданьскі Якаў, настаяцель лютэранскай парафіі ў Беластоку айцец Томаш Віглаш, і каталіцкі архіепіскап Эдвард Азароўскі, які на канец набажэнства сказаў казань у якой адзначыў важнасць адзінства ўсіх хрысціянаў:

– Еднасць з’яўляецца вельмі важнай, сам Ісус казаў: „Прасіце і атрымаеце”. Даваў прыклад, бо маліўся да Айца за сваіх вучняў, каб было адзінства.

– Молячыся за паяднанне мы паўтараем самаго Хрыста, які маліўся за адзінства сваіх вучняў, маленькімі крокамі ўзносімся да гэтай еднасці. Нельга параўнаць нашыя часы і нашыя адносіны з тымі, якія былі некалькі стагоддзяў таму, а нават некалькі дзясяткаў гадоў.

У час беластоцкага Тыдня малітвы за адзінства хрысціянаў адбудуцца набажэнствы, канферэнцыі ды экуменічная сустрэча моладзі. Да супольнай малітвы запрошаныя таксама падляшскія татары.

Тыдзень завершыць у нядзелю святая імша ў каталіцкім касцёле святога Максіміліяна, дзе з казаннем выступіць праваслаўны архіепіскап Якаў.

[Not a valid template]

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара