У Беластоку можа з’явіцца казіно



У Беластоку можа з’явіцца казіно, на што ўжо згадзіліся гарадскія радныя.

casino-package-02

Вядома нават адно з верагодных месцаў, дзе яно можа з’явіцца, гэта гатэль на вуліцы Ліповай.

Казіно ў Беластоку хочуць адкрыць чатыры розныя фірмы з Варшавы. Аднак на Падляшшы можа з’явіцца толькі адно казіно, тлумачыць Данута Гурнікевіч з гарадскога магістрата:

– У нашым ваяводстве можа быць толькі и выключна адно казіно, бо згодна з законам пра азартныя гульні на 650 тысяч жыхароў можа быць адно казіно. Падляшскае ваяводства налічвае менш за 1 мільён 200 тыяч жыхароў.

Радны ад Камітэта Трускаляскага Марцін Шчудла:

– Я ўстрымаюся. Лічу, што з аднаго боку казіно легальнае, але з іншага боку бачу пагрозу ў выглядзе азарту і асоб, якія робяцца ад гэтага залежнымі. У нас у клубе кожны прагаласуе паводле ўласнага меркавання.

Радны Збігнеў Брожак “Права і справядлівасць”:

– Я лічу, што калі будзе адно легальнае казіно, то з’явяцца і нелегальныя.

Радны Мацей Бернацкі з “Грамадзянскай платформы”:

– Кантраляваць вялікія пункты лягчэй. Зразумела, што ў легальным казіно не будуць ашукваць, а ў нелегальных іначай, пра што мы час ад часу даведваемся з медыяў.

Дазвол на адкрыццё казіно дае міністр фінансаў Польшчы. Фірма, якая хоча яго адкрыць, павінна будзе выканаць усе адпаведныя ўмовы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя