У Беластоку на курсы польскай мовы набіраюць стэдэнтаў з „Усходу”
Працягваецца набор на курсы польскай мовы для студэнтаў з Беларусі, Украіны і Расеі, якія вучацца ў Беластоку. Беластоцкі цэнтр падтрымкі студэнтаў з Усходу шукае студэнтаў, якія толькі пачынаюць вучобу, або ўжо вучацца і хочуць палепшыць веданне польскай мовы.
Менавіта таму гэтыя курсы адаптаваныя да ўзроўню ведаў студэнта, кажа каардынатар цэнтра Яанна Кулак:
– Гэтыя курсы будуць складацца са 110 дыдактычных гадзін-заняткаў. Удзел у гэтых курсах будзе сумяшчацца з бясплатнымі экскурсіямі ў Варшаву, Кракаў, а таксама па Падляшскаму ваяводству. Пасля завяршэння гэтых курсаў студэнты атрымаюць магчымасць прайсці стажыроўку ў грамадскіх арганізацыях у Беластоку, якія будуць аплачвацца са сродкаў Беластоцкага цэнтра падтрымкі студэнтаў.
Беластоцкі цэнтр падтрымкі студэнтаў узнік сёлета, асноўная яго мэта прававая і адаптацыйная падтрымка для студэнтаў з Беларусі, Украіны і Расеі, якія вучацца ў беластоцкіх навучальных установах.
Падрабязную інфармацыю пра цэнтр і курсы можна знайсці на старонцы studyinbialystok.pl.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя