У Беластоку нішчаць гістарычную спадчыну?



Паводле грамадскага дзеяча Радэка Пусько, падчас рамонту вуліцы Чыстай разам з даваенным брукам знішчылі рэшткі брамы, якая калісьці вяла да Беластоцкага гета. Здымкі дарогі ён змясціў на сваім блогу. На фотаздымках бачныя каляіны і мноства бруду.

dav

Месца не было пад аховай кансерватара, хоць на працягу гадоў шматлікія звароты з просьбай яго захаваць накіроўваліся да прэзідэнта Беластока Тадэвуша Трускаляскага.

czysta-1

Фотаздымак зроблены на вуліцы Чыстай да рамонту дарогі

Паводле прэс-сакратара прэзідэнта Беластока Уршулі Міроньчук, рэшткі брамы засталіся на месцы, але знаходзяцца пад слоем бруду:

– Гэты фрагмент знаходзіцца пад слоем пяску, бруду і вады ў некалькі дзясяткаў сантыметраў. У сувязі з гэтым фрагмент не бачны, таму падчас падрабязнай праверкі гэтага месца было выяўлена, што брук на гэтым фрагменце не быў пашкоджаны, рэшткі брамы таксама не былі пашкоджаны.

Грамадскі дзеяч Радэк Пусько, які афіцыйна звяртаўся да прэзідэнта горада з просьбай захаваць рэшткі, не хавае абурэння з нагоды дзеянняў чыноўнікаў:

– Бачна тое, што бачна. Кожная асоба, калі б туды накіравалася, то з першага позірку ўбачыла б, што той фрагмент вуліцы Чыстай быў проста знішчаны.

На вуліцы Чыстай знаходзілася адна з двух брам, якія вялі да Беластоцкага гета. Пасля рамонту плануюць вярнуць даваенны брук і захаваць рэшткі брамы.

brama-do-getta

Рэшткі драўлянага слупа брамы, якая вяла да Беластоцкага гета. Фотаздымак зроблены да рамонту дарогі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя