Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі ў Беластоку



Сёння ў Беластоку пачынаецца Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка 2015”. Інаўгурацыйны канцэрт пройдзе 19 траўня і будзе транслявацца анлайн на хвалях Беларускага Радыё Рацыя з 19.05 да 21.00. А 24 траўня пройдзе гала-канцэрт, які таксама можна пачуць нажыва на нашым радыё з 16.05 да 18.00. Гадзіны пададзены паводле польскага часу.

Сёлета мерапрыемства праходзіць пад лозунгам “Царкоўная музыка ад вытокаў да сучаснасці”.

Інаўгурацыйны канцэрт будзе прысвечаны знакамітаму польскаму кампазітару, шматгадоваму старшыні журы фестывалю прафесару Рамуальду Твардоўскаму, якому спаўняецца 85 гадоў.

“Яго заслугі для царкоўнай музыкі цяжка пераацэніць”, – кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушко.

 – Ён з’явіўся ў нас у 1983 годзе. Мы гаворым пра самага найвыдатнейшага польскага кампазітара, які напісаў многа музыкі для царкоўных малітваў. Напісаў літургію. Ад 33 гадоў старшыня міжнароднага журы.

Падчас сёлетняга Фестывалю спяваючай душы выступіць 25 хораў з 11 краінаў.

Канцэрты ў Беластоку пройдуць у зале Падляшскай оперы і філармоніі па вуліцы Падлесьнай 2, але Фонд „Царкоўная музыка” прапануе таксама суправаджальныя мерапрыемствы ў Варшаве, Тыкоціне, Белавежы, Бельску-Падляшскім і Еўрапейскім цэнтры музыкі Кшыштафа Пэндэрэцкага ў Лютаславіцах.

Інаўгурацыйны канцэрт 19 траўня і гала кагцэрт 24 траўня будуць транслявацца на хвалях Беларускага Радыё Рацыя.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя