У Беластоку падпісалі пагадненне пра супрацоўніцтва



У Ваяводскай управе ў Беластоку падпісалі польска-беларускае міжурадавае пагадненне пра супрацоўніцтва ў прадухіленні катастроф, стыхійных бедстваў ды іншых здарэнняў.

Дакумент падпісалі дзяржсакратар Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы Пётр Стаханьчык і міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка.

Пагадненне мае дапамагчы больш эфектыўнаму супрацоўніцтву польскіх і беларускіх выратавальных службаў, у выпадку стыхійных бедстваў ці экалагічных катастроф, кажа дзяржсакратар польскага Міністэрства ўнутраных спраў Пётр Стаханьчык:

– Гэта чарговы крок у супрацы з Рэспублікай Беларусь, ужо пэўны час супрацоўніцтва развіваецца – гэта перадусім датычыць важных для грамадства пытанняў  абодвух краін. Дамова дазваляе дапамагаць партнёрам з другога боку мяжы падчас стыхійных бедстваў, што перадусім важна для людзей, якія сталі б ахвярамі.

Кажа міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка:

– Сёння вельмі актуальнымі з’яўляюцца пытанні звязаныя з ліквідацыяй хімічных аварый, пытанні звязаныя з паводкамі і шэраг іншых пытанняў, дзе нам адзін у аднаго ёсць чаму вучыцца.

Дамова перш за ўсё павышае ўзровень бяспекі жыхароў памежных рэгёнаў:

– Гэта дамова павышае бяспеку жыхароў нашага рэгіёна, бо калі з’явіцца патрэба выратавання нашых жыхароў, то службы змогуць супрацоўнічаць. Вельмі лёгкім стане перасячэнне мяжы як для адной, так і для другой службы на тэрыторыю суседняй краіны.

Пасля падпісання пагаднення адбылося дзясятае пасяджэнне польска-беларускай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнага супрацоўніцтва.

* * *

У Беластоку падпішуць польска-беларускае пагадненне пра супрацу ў галіне прадухілення катастроф, стыхійных бедстваў ды іншых здарэнняў.

Пагадненне падпішуць дзяржсакратар Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы Пётр Стаханьчык і міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка, кажа прэс-сакратар падляшскага ваяводы Ёанна Пільціцка:

– Дамова рэгулюе асноўныя прынцыпы добраахвотнага аказання дапамогі ў выпадку катастроф, стыхійных бедстваў ды іншых сур’ёзных здарэнняў, акрэслівае дыяпазон супрацы ў развіцці методык і прыняцці папераджальных мераў, а таксама ліквідацыі наступстваў.

Пасля падпісання пагаднення ў Падляшскай ваяводскай управе ў Беластоку адбудзецца дзясятае пасяджэнне польска-беларускай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнага супрацоўніцтва.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя