У Беластоку падвялі вынікі артыстычнай працы вучняў
Ва Універсітэцкім цэнтры культуры ў Беластоку прайшло падвядзенне вынікаў артыстычнай працы вучняў пачатковай школы №4 і яе выпускнікоў. Перад поўнай залай гледачоў школьнікі паказалі найбольш яркія вынікі сваёй мастацкай творчасці. Як адзначыла настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк, артыстычныя заняткі перш за ўсё спрыяюць інтэграцыі.
– Гэта не абмяжоўваецца толькі навучаннем у Беластоку. Заўсёды так было, што мы стараліся як найбольш розных рэчаў арганізаваць і гэта паспрыяла фактычна інтэграцыі дзяцей, моладзі, бацькоў.
Дзеці:
– Маем добрыя ўспаміны з пачатковай школы. Спадарыня Аліна – суперчалавек, і цяпер мы з ёй развітваемся. Я вельмі ўзрушана з гэтай нагоды…
– Вельмі часта выступаю на сцэне, гэта вельмі мне падабаецца. Увогуле, вельмі люблю тэатр. Гэтыя заняткі для мяне таксама файныя, я іх вельмі люблю. Я як толькі пачула, што ёсць такія тэатральныя заняткі, то адразу папрасіла маму, каб яна запісала мяне на іх, бо яны мне вельмі падабаюцца.
– Я чытаў “Віні Пуха” ў трэцім класе, бо ён быў у нашай школьнай праграме, і мне ён вельмі спадабаўся. І паводле мяне, я добра сыграў ролю Віні Пуха перад публікай.
Гісторык Веслаў Харужы:
– Прыемна глядзець, як з кожным наступным годам ідзе асваенне сцэны. Пачатковая школа №4 – вельмі мастацкая. Настаўніцы праводзяць цудоўную працу з дзецьмі, якія ўжо ад трэцяга года жыцця вучацца спяваць, танцаваць на сцэне. І гэта ім падаецца нечым натуральным.
Наталля Жук:
– Некалі мы таксама працавалі з гэтымі дзеткамі над рознымі фальклорнымі праектамі. Новыя спевы, новыя дзеці. І час змяняецца, таму мае пэўны адбітак і мода, і сучаснасць, і традыцыі. Я здзіўляюся часам фантазіі настаўнікаў, на працу якіх вельмі прыемна глядзіцца. Таму мне і самой гэта цікава.
Мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў артыстычнай працы дзяцей і моладзі, як і штогод, зладзіла аб’яднанне “АБ-БА”.
[Not a valid template]Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтаркі