У Беластоку падвялі вынікі артыстычнай працы вучняў



У Беластоцкім лялечным тэатры прайшло Падвядзенне вынікаў артыстычнай працы вучняў пачатковай школы №4 і яе выпускнікоў (перадусім гімназіі №7), якія вывучаюць беларускую мову. Перад поўнай залай гледачоў прэзентаваўся тэатральны гурток „Гульня ў тэатр”, вакальны гурт „Баламуткі” ды танцавальная група „Падляшскі вянок”. У час мерапрыемства можна было пабачыць ўжо вядомыя гледачам выступы, а таксама прэм’ерныя паказы, як адзначыла харэограф Аксана Прус.

Мы паказваем тое, што зроблена менавіта ў гэтым годзе. Прэм’ера ёсць таксама ў малодшай групе: адзін з танцаў паказваецца ўпершыню. Паказваем таксама песню: у «Падляшскім вянку» ёсць ужо і песня. У нас ёсць добрыя вакалісты.

– Некалькі гадоў таму гэты спектакль паказвалі старэйшыя, а мы – упершыню. Мы захацелі паказаць яго, бо ён нам вельмі спадабаўся.

– Прайшла прэм’ера, кожны з нас быў арыгінальным. Мы не можам паўтарыць тыя ролі, можам толькі сыграць іх па-свойму.

– Тут мае ўнучкі. Адна спявае. Вельмі прыемна. Я рады гэтаму.

– Я вельмі часта бываю на сцэне, мне гэта вельмі падабаецца. Увогуле, вельмі люблю тэатр. Для мяне гэтыя заняткі файныя. Я, калі пачула, што ёсць тэатральныя заняткі, адразу папрасіла маму, каб яна мяне запісала.

– Мне вельмі спадабаўся выступ маіх сяброў. Яны вельмі падрыхтаваліся да гэтага дня. Я ганаруся імі. Мае сябры і спадарыня Аліна Ваўранюк – асаблівыя. І я вельмі люблю прыходзіць і глядзець іх выступы.

– Радасна, што робяць штосьці такое, танцуюць. Думаю, гэта развівае іх інтэлектуальна і культурна. Самыя файныя рэчы.

– У нас яшцэ будзе канцэрт у чэрвені, таму мы не замыкаем свой год. У нас яшчэ вельмі цяжкая праца перад фестывалем, дзе будзе 11 краін свету. І мы хочам быць нягоршымі там – прыехаць лаўрэатамі. Бо іначай няма чаго ехаць.

Танцавальная група „Падляшскі вянок” яшчэ ў чэрвені будзе рэпрэзентаваць беластоцкую «чацвёрку» на міжнародным фестывалі ў Балгарыі.

Мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў артыстычнай працы дзяцей і моладзі, як і штогод, зладзіла аб’яднання „АБ-БА”.

[Not a valid template]

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі