У Беластоку паказалі фільм пра „Канцэрт пажаданняў”



У цэнтры імя Людвіка Заменгофа адбылася прэм’ера фільма Міколы Ваўранюка „Канцэрт жыцця”. Зала была поўная, водгукі толькі пазітыўныя. Ідэя праекту ўзнікла пэўны час таму, а зрэалізавана была дзякуючы падтрымцы Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову „АБ-БА”.

Моцны імпульс і магчымасць давесці праект да канца даў фестываль „Усход культуры. Іншае вымярэнне” у межах якога і адбылася прэм’ера. Кажа Мікола Ваўранюк:

– Няма аднаго героя, ёсць многа людзей многа сітуацый, карцінак, якія трэба было спалучыць у адно, а гэта заўсёды вялікая рызыка. Ці ўспрымуць гледачы тое, як я спалучаю адных герояў з другімі? Бо гэта не такое зразумелае. Ці прапорцыі паміж сумным матэрыялам для рэфлексій, для роздумаў, а тым больш радасным, крышачку камічным. Ці гэтыя прапорцыі захаваныя, ці нічога няма там задоўгага, або чагосьці закароткага. Такіх пытанняў было шмат. Публіка рэагавала так, як я жадаў ці нават аж так не жадаў.

Фільм „Канцэрт жыцця” распавядае пра феномен „Канцэрту пажаданняў”, які гучыць у эфіры Беларускага Радыё Рацыя кожную суботу.

Фестываль “Усход культуры. Іншае вымярэнне” працягнецца да нядзелі.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя