У Беластоку паказалі спектакль «Размовы з катам», яго прысвяцілі Анджэю Пачобуту і палітвязням у Беларусі



Гістарычнае таварыства імя Дануты Седзікуўны «Інкі» і тэатр імя Стэфана Ярача з Лодзі зладзілі ў Беластоку паказ спектакля «Размовы з катам» паводле Казіміра Мачарскага.

Гэты паказ у тэатральнай зале КінаТон быў прысвечаны Анджэю Пачобуту і ўсім палітвязням у Беларусі. Гаворыць – Славамір Гжымкоўскі, які выконваў у пастаноўцы ролю душыцеля Варшаўскага гета Юргена Строопа:

-За нашай усходняй мяжой ідзе вайна. Можна сказаць, што гэта вынікае з аднаасобнага кіравання, за гэта адказны адзін чалавек – Уладзімір Пуцін. Маем у Беларусі таксама рэжым, бо там ёсць палітычныя вязні і апазіцыянеры, якіх кідаюць у турмы і лагеры. Гэты спектакль прысвечаны Анджэю Пачобуту, але таксама і ўсім палітычным вязням.

Спектакль «Размова з катам» апавядае пра журналіста і актыўнага ўдзельніка Варшаўскага паўстання Казіміра Мачарскага і душыцеля Варашаўскага гета генерала СС Юргена Строопа, якія ў 1949 годзе апынуліся ў адной камеры сталінскай турмы ў Варшаве. Абодва былі прыгавораныя да смяротнага пакарання. Аднак Мачарскі пазней быў памілаваны, а іх размовы са Строопам выліліся ў апавяданне і тэатральную пастаноўку.

Слухайце матэрыял у далучаным гукавым файле

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя