У Беластоку пакажуць новы фільм Юрыя Каліны



26 студзеня ў 18.00 у Беластоку ў “Форуме” пройдзе паказ дакументальнага фільма Юрыя Каліны “Сярожа”. Пасля прагляду адбудзецца сустрэча з героем і стваральнікамі гэтага фільма.

Plakat_Sieroza_wybr2_krzywe_10_01_2016

У біяграфіі Сяргея Нічыпарука – героя фільма, жыхара вёскі Буды ў Белавежскай пушчы, адлюстраваны лёс беларускай праваслаўнай меншасці, якая жыве ва ўсходняй частцы Падляшскага ваяводства. Як і вялікая частка ягоных крэўных, Сяргей паходзіць з невялікай беднай вёскі, ягоныя продкі стагоддзямі займаліся працай на раллі, маліліся ў праваслаўнай царкве, са страхам у вачах прымалі кожную змену ўлады, але ў той жа час намагаліся спадабацца новым уладам і прыстасавацца да новых варункаў. «Цішэй едзеш – далей будзеш», – вучыў бацька сына з поўнай упэўненасцю ў правільнасці такога падыходу.

Але ці сапраўды герой фільма такі самы, як і большаць ягоных родных? Ці, можа, ён быў у авангардзе зменаў, якія прыходзілі ў Падляшскае ваяводства з «вялікага польскага свету»? Гэтыя пытанні задае сабе журналіст Польскага радыё «Беласток» Яраслаў Іванюк, які вырашыў стварыць дакументальную радыёпраграму пра Сяргея Нічыпарука. Здымачная група суправаджала яго падчас запісу.

Сяргей Нічыпарук і ягоная сям’я трымае агратурыстычны пансіянат у вёсцы Буды ў Белавежскай пушчы. Некалькі дамоў з пакоямі для гасцей, руская лазня, карчма паляўнічага, этнаграфічныя экспанаты, усё агароджанае традыцыйным падляшскім плотам з жывой вярбы – тынам. Найвялікшы гонар гаспадароў – адрамантаваная хата, пабудаваная ў 1887 годзе, з арыгінальным дэкорам той эпохі.

Ранейшыя этапы жыцця Сяргея не былі такімі ідылічнымі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Заляшаны, якая ў 1946 годзе зведала пацыфікацыю з боку Спецыяльнага аддзела хуткага рэагавання польскага Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса па мянушцы Буры. Падчас гэтай акцыі загінула 17 вяскоўцаў, у тым вялікая частка сям’і Сяргея Нічыпарука. У маладосці ён паверыў прапагандзе «народнай улады» і зрабіўся ідэйным камуністам. Ідэалагічная змена надышла ў сярэдзіне 1970-х. Наш герой зразумеў, што камунізм – гэта «хлусня і падман», выкінуў партбілет… і пачаў вучобу ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Варшаве. У 1981 годзе ён узначаліў суполку «Салідарнасці індывідуальных фермераў» у Дубічах Царкоўных. Гэта была адзіная гміна з праваслаўным насельніцтвам, у якой паўстала суполка «Салідарнасці». Сяргей Нічыпарук зрабіўся прыватным прадпрымальнікам, больш за 30 гадоў ён будуе драўляныя дамы, корчмы, гаспадарчыя будынкі і цэрквы.

Ён дапамог пабудаваць манастырскі дом св. Кацярыны ў Заляшанах, у якім ягоная дачка – праваслаўная манашка сястра Лізавета – моліцца за спачын душ жыхароў вёскі, забітых у 1946 годзе.