У Беластоку паўстала новае грамадскае аб’яднанне
У Беластоку паўстала новае грамадскае аб’яднанне, якое хоча ўзяць удзел у восеньскіх самаўрадавых выбарах. Гэта ініцыятыва жыхароў горада, якая мае памяняць Беласток, узмацняючы ўплыў беластачан на рашэнні лакальных палітыкаў. „Ініцыятыва для Беластока” стваралася людзьмі, якія ўжо шмат гадоў дзейнічаюць у Беластоку ў шматлікіх арганізацыях, сярод іх ёсць і беларусы – гэта Ілона Карпюк і Лукаш Леанюк.
Кажа Радаслаў Пуська:
— Мы хочам прадставіць жыхарам новую ініцыятыву пад назвай «Ініцыятыва для Беластока», якая за мэту мае стаць выбарчай ініцыятывай. Мы хочам стартаваць у выбарах да самаўраду і зрабіць шмат добрых рэчаў для Беластока. У нас вельмі гарадскі светапогляд, які абапіраецца менавіта на пытаннях, звязаных з гарадской дэмакратыяй. І гэта сутнасць нашай праграмы — гарадская дэмакратыя.
Неўзабаве для Беластока ініцыятыва прадставіць сваіх кандыдатаў на радных ды на прэзідэнта горада. Галоўная мэта аб’яднання — вырашаць уласныя праблемы ў Беластоку, а не ў партыйных сядзібах у Варшаве.
Лукаш Сцепанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Wojciech Wojtkielewicz poranny.pl