У Беластоку плануюць стварыць новую арганізацыю
Дзеля папулярызацыі беларускай гісторыі. У Беластоку плануюць стварыць новую арганізацыю, якая будзе займацца гісторыяй, але ў незвычайным фармаце.
Пра гэта ў нашым эфіры распавёў гісторык і журналіст Алесь Кіркевіч, адзін са стваральнікаў клуба Beer&History:
– Проста неяк юрыдычна аформіцца, што мы не проста людзі, якія збіраюцца там раз на тыдзень, але мы ёсць нейкая арганізацыя, нейкая супольнасць. І я думаю, што тут ёсць перспектыва стварэння такога цэнтра, які б займаўся менавіта папулярызацыяй гісторыі: пачынаючы ад экскурсіі да стварэння рознага кантэнту, напрыклад, відэа на ютубе. На колькі мне вядома, у Беластоку ёсць БГТ – Беларускае гістарычнае таварыства, але гэта супольнасць акадэмічных гісторыкаў, якія займаюцца акадэмічнымі справамі. Але нехта мусіць займацца і папулярызацыяй, таму будзем нарошчваць сілы і рухацца наперад.
Дарэчы, калі фармат гістарычнага клуба Beer&History і надалей будзе спраўджвацца, то Алесь Кіркевіч не выключае яго пашырэння на іншыя гарады і краіны ў выглядзе франшызы. У Беластоку сустрэчы клуба адбываюцца штосераду а 19-ай гадзіне ў пабе Beer4U.
Беларускае Радыё Рацыя