У Беластоку прадставілі кнігу „Польскія дзеці ў краіне квітнеючай вішні”
У Музеі Памяці Сібіры прайшла прэзентацыя кнігі „Польскія дзеці ў краіне квітнеючай вішні” пра малавядомую гісторыю эвакуацыі польскіх дзяцей з Сібіры ў Японію стагоддзе таму.
Кажа аўтарка выдання Сільвія Шарэйка:
– Для мяне найважнейшым быў сяброўскі жэст японцаў у бок Польшчы. Тое, што перадусім гэта запомнілі нашыя польскія дзеці, тое што яны выжылі і вярнуліся. Нягледзячы на тое, што адбывалася, дзеці памяталі любоў і дабрыню. Гэта кніга, якая была маёй ідэяй. У ёй ёсць фотаздымкі з польскіх і японскіх крыніцаў, успаміны спадара Генрыка Садоўскага, якія трапілі ў Музей Памяці Сібіры.
Важнасць выдання падкрэсліў амбасадар Японіі ў Польшчы Міядзіма Акіо:
– У гэтыя дні я рады знаходзіцца ў Музеі Памяці Сібіры ў Беластоку. Як амбасадар Японіі ў Польшчы, увесь час думаю пра ўзаемаадносіны Польшчы і Японіі цягам гэтага стагоддзя. Калі польскія дзеці апынуліся ў Сібіры і знаходзіліся ў цяжкім становішчы. Яны знайшлі сабе прытулак у Японіі, дзе былі ў бяспецы і пасля маглі зноў вярнуцца назад у Польшчу.
Прэзентацыю кнігі „Польскія дзеці ў краіне квітнеючай вішні” суправаджала таксама адкрыццё выставы, якая апісвае польска-японскія адносіны, супольную гісторыю дзвюх краін і музей пра польскіх, які размешчаны ў японскім порце Цуруза.
Беларускае Радыё Рацыя