У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам і Анжалікай Борыс
У Беластоку, пры помніку ксяндзу Ежы Папялушку прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці з кіраўнікамі Саюза палякаў на Беларусі – Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам, якія знаходзяцца ў Беларусі ў зняволенні ўжо цягам 17 месяцаў. Анджэй – у менскім СІЗА на Валадарскага, Анжэліка – у Гародні пад падпіскай аб нявыездзе.
Днямі стала вядома, што Анджэй, у прыватнасці, пачаў азнаёмлівацца з матэрыяламі справы аб «распальванні варожасці», якую яму інкрымінуюць, і да абвінавачвання па якой яму дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул – аб «закліках да санкцый, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».
Гаворыць віцэ-старшыня «Саюзу палякаў на Беларусі» – Марэк Занеўскі.
– Цяпер пачнуць азнаёмлівацца са сваёй крымінальнай справай. Мы чакаем, што ўжо ў верасні ён будзе асуджаны. Яму дадалі яшчэ адзін артыкул, так што ён будзе асуджаны адразу па 2 крымінальных артыкулах. Несправядліва пасаджаны ў турму за тое, што з’яўляецца палякам, за тое, што зʼяўляецца чальцом Саюзу Палякаў, і за тое, што казаў праўду. Заўсёды казаў тое, што думаў, і як журналіст ніколі нічога не ўкрываў.
Дата 17-га месяца з дня арышту кіраўнікоў Саюза палякаў на Беларусі была азмрочаная сумнай навіною, што прыйшла з Беларусі, дзе наранку 25 жніўня ў вёсцы Сурконты Воранаўскага раёна быў знішчаны чарговы мемарыял-пахаванне жаўнераў Арміі Краёвай, якія ў поўным складзе загінулі ў жніўні 1944 года ў баі з катамі з НКУС.
Беларускае Радыё Рацыя