У Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці



Чарговы пікет прайшоў сёння (25 ліпеня) каля беларускага консульства ў Беластоку.

Удзельнікі акцыі – беларусы, што пражываюць у Польшчы. Галоўны тэзіс, які аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў акцыі – улада Беларусі мусіць змяніцца, дзейсны кіраўнік дзяржавы мусіць сысці. Кажа арганізатар пікету Валерый Бык:

– Не задавальняе прэзідэнт, пад зад, памянялі, новага, памянялі, новага. Давайце мы паспрабуем – гэта важна, гэта патрэбна. Давайце згуртуемся. Сёння тры жанчыны аб’ядналіся, давайце іх падтрымаем. Няхай памяняецца ўлада. Трэба будзе, мы іх памянем зноў, але мы зразумеем, што змена ўлады ў нашых руках. Паглядзім побач: Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Украіна. А як жа мы, беларусы вырываемся з гэтага кантэксту? Дзе наша свядомасць, самасвядомасць? Расцем, выходзім на вуліцы – гэта добра.

Выступоўцы падкрэсліваюць, што імі кіруе неабходнасць быць разам з тымі, хто зараз змагаецца супраць рэжыму на Беларусі. Адгукнуліся таксама і на ідэю насіць белыя стужкі на запясці. Па жаданні ўдзельнікі акцыі атрымалі іх проста на месцы правядзення пікета. Кажа Андрэй Шоцік:

– Я пра гэтыя белыя стужкі пачуў на стрыме аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай. Гэтая думка адразу мне падалася добрай. Але калі прапаганда дзяржаўная пачала на гэта рэагаваць, калі яны пачалі казаць, што гэта фашыстоўскія сімвалы, параўноўваць з нашыўкамі паліцаяў, ачарняць. Гэта такі трыгер, на якое беларускае грамадства павінна арыентавацца. Калі ўжо дзяржаўная прапаганда нешта ачарняе, значыцца гэта сапраўды нешта вартае.

Арганізатары пікета пачалі збор фінансавых сродкаў, якія плануецца перадаць беларусам-палітвязням ды іншым пацярпелым ад рэжыму Лікашэнкі. Збор сродкаў плануецца таксама ў час наступных акцый у Беластоку. Справаздачы пра колькасць сабраных сродкаў і іх далейшае размеркаванне можна будзе пабачыць у групах беларусаў Беластоку ў сацыяльных сетках, – гавораць арганізатары акцыі.

 

Беларускае Радыё Рацыя