У Беластоку прайшла хіратонія новага епіскапа
У праваслаўным катэдральным саборы прайшла хіратонія: высвячэнне новага супрасльскага епіскапа Андрэя Баркоўскага.
Гэта адзін з чатырох новых епіскапаў Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі кіраўнікі Польскай праваслаўнай царквы, іерархі з Расеі, Беларусі ды Грэцыі, а таксама вернікі і сваякі новага епіскапа:
– Я з сям’і айца Андрэя Баркоўскага. Ён вельмі сціплы, але рашучы, таму думаю, што гэта будзе выдатны епіскап.
– Ён сімпатычны. Мы ўсёй сям’ёй прыйшлі, каб папрысутнічаць на гэтай урачыстасці.
– Я думаю, што маладосць паўплывае пазітыўна.
– Маладыя іерархі могуць энергічней займацца парафіяй і весці царкву наперад.
Епіскап архімандрыт Андрэй Баркоўскі нарадзіўся ў 1974 годзе. Вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце ў Афінах, дзе абараніў доктарскую дысертацыю. З 2012 года з’яўляецца архімандрытам манастыра ў Супраслі.
У апошні час новымі іерархамі Польскай праваслаўнай царквы ў Польшчы сталі епіскап лодзінска-познаньскі Афанасій і епіскап гайнаўскі Павел.
8-га кастрычніка адбудзецца хіратонія Варсанофія на семятыцкага епіскапа, які з’яўляецца архімандрытам манастыра ў Саках.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара