У Беластоку прайшла прэм’ера фільма пра бежанства



Фільм, які закранае гісторыю, вядомую амаль кожнаму беларусу на Падляшшы. У беластоцкім кіно «Форум» прайшла прэм’ера фільма Бежанцы 1915-1922беларускага рэжысёра Юры Каліны.

Дакументальнае кіно расказвае пра лёс уцекачоў з беларускіх зямель і іх жыццё ў глыбіні Расейскай імперыі. У фільме змешчаны інтэрв’ю з удзельнікамі гэтых падзеяў, а таксама фотаздымкі ды сцэны ў выкананні падляшскіх акцёраў, кажа рэжысёр Юры Каліна.

Ёсць шмат фатаграфій з той эпохі, ёсць і фабулярныя сцэны. Дзякуючы таму, што ў нас тут, на Падляшшы, ёсць ужо прафесіянальныя акцёры, зрабілі некалькі сцэнаў, каб паказаць гледачу, як насамрэч выглядала гэтае бежанства, як спісвалі маёнткі, як выязджалі.

Гэта чацвёрты ў апошнія часы фільм Юры Каліны, героямі якога з’яўляюцца людзі з Падляшшы ды іх гісторыі. Раней Каліна расказаў пра праваслаўнага манаха Гаўрыіла ў фільме „Архімандрыт”; пра Дарафея Фёніка, які вядзе свой прыватны этнаграфічны музей; пра мясцовага прадпрымальніка Сяргея Нічыпарука ў фільме “Сярожа”.

Бежанцы 1915-1922” можна будзе аглядаць у інтэрнэце і на тэлеканале «Белсат».

Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота з facebook