У Беластоку прайшла сумесная беларуска-ўкраінская акцыя салідарнасці
На Рынку Касцюшкі ў Беластоку прайшла сумесная беларуска-ўкраінская акцыя салідарнасці і падтрымкі.
Нягледзячы на падрыхтоўку да велікодных святаў беларусы і ўкраінцы не забываюць пра бяду, у якой апынуліся іх краіны, і сабраліся на плошчы, каб падтрымаць адзін аднаго. Украінцы – беларускіх палітвязняў, а беларусы – змаганне Украіны з расейскімі агрэсарамі. Гаворыць прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку Ян Абадоўскі:
– Сёння ідзе вайна ва Украіне. Сёння людзі ў акопах, на іх ляцяць «грады», гінуць людзі, і, на жаль, для іх няма свята, таму што 24 гадзіны ідзе вайна. Таксама ў Беларусі тысячы палітвязняў сядзяць за кратамі. На жаль, для іх таксама няма свята, таму што яны сядзяць у жудасных умовах па хлуслівых абвінавачваннях, людзям даюць вялікія тэрміны толькі за тое, што яны інакш думаць, не так, як рэжым Лукашэнкі.
Украінцы ў сваю чаргу звяртаюць увагу на тыя зверствы і разбурэнні, якія чыняць расейскія акупанты ва Украіне і асабліва ў Марыупале. Адзначае прадстаўнік украінскай дыяспары ў Беластоку Антон Галавач:
– Тэма мітынгу – гэта тая сітуацыя, якая адбываецца ў першую чаргу ў Марыупалі. Там сапраўды катастрофа. Горад знаходзіцца ў аблозе, вялікая колькасць мірных жыхароў там ужо загінула, вораг расстрэльвае тых, хто спрабуе з’ехаць у бок Украіны, і гвалтам вывозіць людзей у бок Расеі. Абаронцаў Марыупаля з кожным днём робіцца ўсё менш, і магчымасцяў абароны таксама робіцца менш. Яны вельмі гераічныя, яны робяць немагчымае, і таму мы сёння тут.
Беларускае Радыё Рацыя