У Беластоку прайшоў дабрачынны футбольны турнір
Дабрачынны футбольны турнір прайшоў на выходных 19-20 студзеня ў Беластоку.
Яго арганізаваў Клуб „Ротары”. 9 каманд, якія прадстаўлялі беластоцкія фірмы, гуляючы ў футбол, дапамаглі сабраць грошы для дзіцячага дома № 1 у Беластоку.
Паведаміў прэзідэнт клуба „Ротары” Яраслаў Бараньчук:
– Гэтым разам мы гуляем на карысць дзяцей з дзіцячага дома №1. Мэта дапамагчы ў навуцы, каб падцягнуць іх. Хочам сабраць сродкі на рэпетытарства, будзем шукаць студэнтаў патрэбных накірункаў – гэта можа быць матэматыка, фізіка, ангельская, расейская мовы. Дзве мэты – дапамагчы дзецям, а таксама, каб студэнты падзарабілі працуючы з дзецьмі.
Гэта пяты дабрачынны турнір, арганізаваны клубам „Ротары”. У папярэднім турніры ўдалося сабраць каля 200 тысяч злотых на дабрачыннасць. Сёлетні ж турнір выйграла каманда „Бясан”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя