У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам (абноўлена)
У Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з асуджаным у Беларусі на 8 гадоў зняволення Анджэем Пачобутам.
Разам з удзельнікамі мітынгу супраць незаконнага прысуду журналісту і актывісту выказаўся віцэ-старшыня Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі:
– Агучаны прысуд для нашага калегі Анджэя Пачобута – 8 гадоў. Вялікі тэрмін. Гэта з’яўляецца вялікім болем для нас усіх, для калегаў Анджэя, для яго сям’і і для усёй польскай меншасці. Тыя абвінавачанні, якія былі яму выстаўлены рэжымам Лукашэнкі – абсурдныя.
– З турмы мы яго не вызвалім, але можам паказаць, што мы разам, што мы салідарныя.
– У Беларусі зараз адсутнічае ўся прававая сістэма. Усе палітвязні сядзяць ні за што.
Адпаведна старшыня Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча, галоўны рэдактар «Тыгодніка беларусаў Польшчы «Ніва» і галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа падчас акцыі адзначыў наступнае:
– Быць журналістам – гэта заўсёды змагацца за правы чалавека. У кожным іх вымярэнні. І вось такім вымярэннем правоў чалавека быў Андрэй. Я яго добра ведаю, і не раз мы пра тое гаварылі. Ён заўсёды паўтараў: не можна дазволіць на тое, каб Лукашэнка гандляваў палітвязнямі. Ён гэта паўтараў увесь час.
Агулам на акцыі сабралася каля паўсотні чалавек. Анджэй Пачобут з’яўляецца адным з амаль паўтары тысячы палітвязняў у Беларусі.
***
У Беластоку, у скверы каля помніка Ежы Папялушку, распачалася акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам. Акурат 8-га лютага быў абвешчаны прысуд журналісту і актывісту Саюза палякаў на Беларусі Анджэю Пачобуту. Шматгадовага дзеяча і лідара прыгаварылі да 8 гадоў калоніі.
Выступоўцы нагадваюць, што дзейнасць Пачобута насіла характар „гродназнаўства”. Ён шмат даследаваў, вывучаў помнікі і могілкі, клапаціўся аб правах польскай меншасці ў Беларусі. За два апошнія гады Анджэй Пачобут стаў сімвалам таго, як улады Беларусі ставяцца да польскай меншасці. Аднак пры гэтым чалавек змагаецца за права заставацца чалавекам, палякам, змагаром, які зрабіў свой выбар.
Адзіны шлях зараз яму дапамагчы – акцыі салідарнасці, бо законных сродкаў апратэставаць незаконны прысуд Пачобут не мае.
Прысутныя беларусы выказалі спадзеў на полк Каліноўскага, які можа зрынуць рэжым Лукашэнкі, вызваліць усіх палітзняволеных і вярнуць Беларусі свабоду і незалежнасць. А таму важна, каб беларуская тэма не знікала з павесткі Польшчы.
Слова ўзяў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа. Выступоўца нагадаў словы Анджэя Пачобута: нельга дазволіць Лукашэнку гандляваць палітвязнямі.
Гучыць заклік да агульнай барацьбы беларусаў і палякаў за свабоду, у тым ліку і Анджэя Пачобута.
Успомнілі прысутныя і палітзняволенага Алеся Бяляцкага, а таксама паралізаваную дзейнасць праваабарончай арганізацыі „Вясна”. Гучыць падзяка Польшчы і польскім уладам, якія падтрымалі беларусаў у выгнанні
Асобныя словы падзякі польскаму народу: за нашу і вашу свабоду!
Працуе вольны мікрафон.
Мітынг завершаны.