У Беластоку праходзіць фестываль „Кірунак Усход”
Фестываль „Кірунак Усход” пачаўся ў Беластоцкіх „Сподках”.
Тут паказалі спектакль арганізатараў – Беластоцкага драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі – „Бог разні” па п’есе французскай аўтаркі Ясміны Рэзы. Наперадзе яшчэ 6 фестывальных паказаў, у тым ліку і два беларускія спектаклі: „Я” тэатральнай групы „Свабодныя купалаўцы” і „Гэта Мы” незалежнага тэатральнага праекту. У кулуарах цешыліся пачаткам фестываль, прагназавалі эпідэміялагічную абстаноўку ды планавалі тэатральныя эмоцыі.
Пра сваё планы кажа журналістка, вядучая дыскусійных панэляў на фестывалі „Кірунак Усход” Дарота Сакалоўская:
– Мне вельмі цікавыя беларускія спектаклі. Мяне цікавіць, як развіўся тэатр за апошні год у гэтай вельмі складанай сітуацыі. Цікавы тэатр з Азербайджану – гэта такая сцэна, якая трохі адрозніваецца ад нашай. Ну і канешне з вялікай цікавасцю чакаю польскіх спектакляў, якія мы яшчэ не паспелі паглядзець, якія магчыма нядаўна з’явіліся.
Пачаўся фестываль у Беластоцкіх „Сподках”, паколькі будынак беластоцкага драматычнага – рамантуецца. Гэта адна з чатырох пляцовак, дзе праходзяць фестывальныя падзеі. Наперадзе яшчэ спектаклі з Беларусі, Польшчы, Арменіі і Грузіі.
Беларускае Радыё Рацыя